Пра нас
Масонства — гэта старажытная філасофска-этычная сістэма, якая аб’ядноўвае людзей розных нацыянальнасьцяў, веравызнаньняў і сацыяльных слаёў. Яго галоўная мэта — самаўдасканаленьне, маральны рост і прытрымліваньне прынцыпаў братэрства, роўнасьці і свабоды. Масонства не зьяўляецца ні рэлігійнай, ні палітычнай арганізацыяй, але падтрымлівае ідэалы гуманізму і духоўнага разьвіцьця.
Масонская ложа — гэта супольнасьць людзей, якія імкнуцца да духоўнага і маральнага разьвіцьця, выкарыстоўваючы сымболіку і рытуалы як сродкі самапазнаньня і росту. Рытуалы і абрады, што праводзяцца ў ложах, захоўваюць пераемнасьць з багатай спадчынай масонства, спрыяючы стварэньню атмасфэры братэрства, пашырэньню ведаў і паглыбленьню духоўнай працы.
Вялікая Ложа Беларусі — сувэрэннае аб’яднаньне рэгулярных вольнамулярскіх лож, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Яна была створана пры падтрымцы і прызнаньні Вялікіх Ложаў Польшчы, Літвы і Ўкраіны і атрымала рэгулярнае асьвячэньне 25 траўня 2019 года на Ўсходзе Менску падчас супольнага рытуальнага сходу.
У 1998 годзе першыя грамадзяне Беларусі былі ініцыяваныя ў ложах Вялікай Нацыянальнай Ложы Польшчы (ВНЛП). Для ўдзелу ў рытуальных працах браты зь Менску выяжджалі ў Варшаву і іншыя польскія гарады. Масонскі рух набіраў папулярнасьць, і 19 лістапада 2005 года на Ўсходзе Варшавы пад юрысдыкцыяй ВНЛП была заснавана ложа №8 «Іван Луцкевіч», якая аб’яднала беларускіх братоў і працавала на беларускай мове.
У 2010 годзе, з дазволу ВНЛП, ложа «Іван Луцкевіч» упершыню за многія дзесяцігодзьдзі правяла масонскія працы ў Беларусі, у Менску. Колькасьць братоў паступова павялічвалася, і 20 верасьня 2014 года на Ўсходзе Вільні пад юрысдыкцыяй Вялікай Ложы Літвы (ВЛЛ) была створана беларускамоўная ложа №7 «Скарына». Беларускія масоны працягвалі наведваць Вільню, аднак усё часьцей, з дазволу ВЛЛ, праводзілі працы і ў Беларусі.
21 траўня 2016 года на Ўсходзе Кіева пад юрысдыкцыяй Вялікай Ложы Ўкраіны беларускія грамадзяне заснавалі ложу №15 «Браніслаў Тарашкевіч», якая таксама працавала на беларускай мове. Менавіта гэтыя тры ложы сталі асновай для стварэньня Вялікай Ложы Беларусі – самастойнай беларускай масонскай юрысдыкцыі. Гэтая падзея дазволіла беларускім братам рэгулярна і законна праводзіць масонскія працы на сваёй Радзіме, працягваючы традыцыі вольнамулярства на роднай зямлі.
XII прынцыпаў рэгулярных вольных муляраў
-
Вольнамулярства — гэта ініцыяцыйны братэрскі зьвяз на падмурку веры ў Бога, Вялікага Будаўніка Сусьвету.
-
Вольнамулярства грунтуецца на Даўніх Абавязках і Ландмарках, а таксама шануе традыцыі, асабліва тыя, што датычаць рэгулярнасьці ягонай юрысдыкцыі.
-
Вольнамулярства — гэта Ордэн, належаць да якога могуць выключна асобы вольныя, незалежныя і добрых звычаяў, якія абавязуюцца спаўняць ідэалы Міру, Любові й Братэрства.
-
Вольнамулярства мае на мэце маральнае ўдасканальваньне сваіх чальцоў, а празь іх удасканальваньне ўсяго чалавецтва.
-
Вольнамулярства наказвае сваім чальцам скрупулёзна выконваць рытуалы і сымбалі, выкарыстоўваць уласьцівыя толькі яму духоўныя і ініцыяцыйныя сродкі, якія прыводзяць да спасьціжэньня Ведаў.
-
Вольнамулярства наказвае сваім чальцам паважаць перакананьні й веру блізкіх. У сваім коле забараняе ўсялякія палітычныя ці рэлігійныя дыскусіі альбо палемікі. Дзякуючы гэтаму, яно можа заставацца сталым і надзейным Цэнтрам Братэрскага Зьвязу, у якім пануе паразуменьне, талеранцыя і плённая гармонія ў дачыненьнях паміж людзьмі, якія ў іншых умовах былі б міжсобку чужымі.
-
Вольныя Муляры даюць прысягу на Кнізе Законаў, таму іх прысяга мае ўзьнёслы, сьвятарны й непарушны характар.
-
Вольныя Муляры гуртуюцца па-за межамі сьвету прафанаў, у ложах, дзе заўжды навідавоку тры Вялікія Сьветачы Ордэну: Кніга Законаў, Навугольнік і Цыркуль на тое, каб працаваць рытуальна, годна, рупліва і згодна з прынцыпамі, што прапісаныя ў Канстытуцыі і Статуце Абэдыенцыі.
-
Вольныя Муляры могуць прымаць у свае ложы выключна асобаў паўналетніх, паўнапраўных і адэкватных, якія ганарацца сваім імем брата — Вольнага Муляра, здольныя распазнаваць магчымасьці іншых людзей і бясконцыя сілы Вечнасьці.
-
Вольныя Муляры культывуюць у сваіх ложах любоў да Айчыны, павагу да Права й канстытуцыйнае ўлады. Прызнаюць і шануюць працу ва ўсіх яе формах як найвышэйшы абавязак чалавечае істоты.
-
Вольныя Муляры даюць іншым людзям актыўны прыклад сваімі адпаведнымі паводзінамі, дзякуючы чаму Ордэн праменіць навонкі. Але робіцца гэта з захаваньнем вольнамулярскай таямніцы.
-
Вольныя Муляры павінныя годна дапамагаць адзін аднаму і абараняць брата нават цаною ўласнага жыцьця. Яны шануюць уменьне захоўваць спакой і раўнавагу ў любой сытуацыі.