• eng
  • Галоўная
  • Пра нас
  • Гісторыя

Станаўленьне масонства ў сьвеце і заснаваньне Вялікай Ложы Англіі

Масонства як арганізаваная сыстэма філязофскіх і этычных поглядаў пачало фармавацца ў Эўропе яшчэ ў Сярэднявеччы. Яго вытокі зьвязаныя з прафэсійнымі цэхамі муляраў, якія мелі свае сакральныя веды, традыцыі і абрады. Паступова гэтыя аб’яднаньні сталі ня толькі рамеснымі, але і духоўна-філязофскімі супольнасьцямі.

Адным з ключавых момантаў у гісторыі масонства стала заснаваньне ў 1717 годзе Вялікай Ложы Англіі, якая аб’яднала некалькі незалежных ложаў Лондана. Гэты крок заклаў асновы сучаснага спэкулятыўнага масонства, якое ўжо не патрабавала ад сваіх сяброў валоданьня рамеснымі навыкамі, але засяроджвалася на маральным удасканаленьні і братэрстве. Празь дзесяцігоддзі масонскі рух пашырыўся па ўсёй Эўропе і Амэрыцы, уплываючы на розныя сфэры грамадзкага жыцьця і аб’ядноўваючы людзей розных веравызнаньняў і сацыяльных слаёў.

24 чэрвеня 1717 года. Заснаваньне Вялікай ложы Англіі. У дзень Сьвятога Яна ў тавэрне «Гусь і рашотка» («Goose and Gridiron»), разьмешчанай у двары сабору Сьвятога Паўла, адбылася сустрэча, якая паклала пачатак афіцыйнай гісторыі масонства. Прадстаўнікі чатырох ложаў заснавалі «Вялікую ложу Лёндана і Вэстмінстэру» pro tempore (паводле належнай працэдуры), выбраўшы першага Вялікага Майстра і дамовіўшыся сустракацца раз у тры месяцы, а ў дзень Сьвятога Яна штогод праводзіць агульную асамблею. Тавэрна не захавалася (згарэла), але рашэньнем грамадзкага савету Лёндан-Сіці на месцы яе разьмяшчэньня забаронена будаўніцтва. На бліжэйшым будынку разьмешчана мэмарыяльная шыльда, якая нагадвае пра гістарычную падзею.

На ілюстрацыі: адзіны захаваны малюнак фасаду тавэрны «Гусь і рашотка», справа — рэканструкцыя рэклямнай шыльды тавэрны, у цэнтры — фота мэмарыяльнай дошкі: «Непадалёк ад гэтага месца Вялікая ложа ангельскіх масонаў правяла першую сустрэчу».

Масонства ў Беларусі ў канцы XVIII – пачатку XIX стагодзьдзя

Першыя масонскія ложы зьявіліся на беларускіх землях у другой палове XVIII стагодзьдзя, калі гэтыя тэрыторыі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. У 1770-я і 1780-я гады ў Вільні і Гродне дзейнічалі ложы, зьвязаныя з польскімі і літоўскімі масонскімі структурамі. Значную ролю ў разьвіцьці масонства на беларускіх землях адыгрывалі прадстаўнікі мясцовай шляхты і інтэлігенцыі, якія пераймалі эўрапейскія ідэі Асьветніцтва.

Пасьля далучэньня Беларусі да Расійскай імпэрыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай масонскі рух зазнаў зьмены. Напрыканцы XVIII – пачатку XIX стагодзьдзя тут дзейнічалі ложы, зьвязаныя з расійскімі і польскімі масонскімі арганізацыямі. Аднак у 1822 годзе масонства ў Расійскай імпэрыі было афіцыйна забаронена, што прывяло да згасаньня дзейнасьці ложаў на беларускіх землях.

Беларускае масонства на пачатку XX стагодзьдзя

У пачатку XX стагодзьдзя масонства ў Беларусі зноў пачало адраджацца, хаця і не ў такіх маштабах, як у Заходняй Эўропе. Пасьля рэвалюцыйных падзей 1905 года і пэўнага паслабленьня цэнзуры ў Расійскай імпэрыі адбылося частковае ажыўленьне таемных арганізацый, у тым ліку масонскіх.

На пачатку ХХ стагодзьдзя масонства ў Беларусі ўзьнялося на новы ўзровень дзякуючы актыўнасьці братоў Антона і Івана Луцкевічаў, якія сталі ключавымі фігурамі беларускага нацыянальнага руху. У 1910 годзе ў Вільні была створана ложа «Адзінства», у якую ўваходзілі вядучыя беларускія інтэлектуалы і дзеячы нацыянальнага адраджэньня, уключаючы братоў Луцкевічаў.

Антон і Іван Луцкевічы ня толькі ўдзельнічалі ў масонскіх ложах, але і спрыялі разьвіцьцю беларускай культуры і самасьвядомасьці праз свае палітычныя і культурныя праекты. Яны актыўна ўдзельнічалі ў стварэньні і выданьні газэты «Наша Ніва», якая стала галоўнай трыбунай для беларускага нацыянальнага руху.

Акрамя братоў Луцкевічаў сярод вядомых беларусаў, якія былі масонамі, адзначаюцца такія імёны, як нацыянальны герой ЗША, Польшчы і ганаровы грамадзянін Францыі Тадэвуш Касьцюшка; кампазытар і палітычны дзеяч Міхал Клеафас Агінскі; некаторыя прадстаўнікі родаў Радзівілаў і Сапегаў; аўтар першай беларускай граматыкі Браніслаў Тарашкевіч і многія іншыя.

Падчас кароткага пэрыяду незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі (1918) некаторыя грамадзкія дзеячы, якія спавядалі масонскія ідэі, імкнуліся пабудаваць дзяржаву на прынцыпах свабоды, роўнасьці і братэрства. Аднак пасьля ўсталявання савецкай улады масонская дзейнасьць у Беларусі была цалкам згорнутая. Савецкая ўлада разглядала масонства як буржуазную ідэалёгію, несумяшчальную з марксізмам, таму любая дзейнасьць у гэтым кірунку строга перасьледавалася.

Беларускае масонства сёньня

Пасьля распаду Савецкага Саюза масонскія структуры пачалі адраджацца і на постсавецкай прасторы. У Беларусі цікавасьць да масонства ўзрасла ў канцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў. У гэты пэрыяд былі зроблены спробы стварэньня новых ложаў. Кульмінацыяй гэтага працэсу сталася закладаньне Вялікай Ложы Беларусі на Ўсходзе Менску 25 траўня 2019 года.

Сучасныя беларускія масоны працягваюць традыцыі сваіх славутых папярэднікаў у распаўсюдзе асьветы, падтрымцы дабрачыннасьці і самаўдасканаленьня.

Масонства ў Беларусі арыентуецца на духоўнае і маральнае самаўдасканаленне сваіх сяброў, а таксама падтрымку дабрачынных ініцыятыў. Беларускія масоны падтрымліваюць сувязі з замежнымі ложамі і ўдзельнічаюць у міжнародных масонскіх аб’яднаньнях.

Беларускае масонства працягвае сваё існаваньне як частка сусьветнай вольнамулярскай традыцыі, несучы ў сабе прынцыпы гуманізму, талерантнасьці і духоўнага разьвіцьця.


Дом масонаў, Гродна, Беларусь

З масонствам цесна зьвязаны гарадзенскі Дом масонаў. З канца XVIII стагодзьдзя ў гэтым будынку праходзілі пасяджэньні мясцовай масонскай ложы «Шчасьлівае Вызваленьне», у якіх бралі ўдзел такія вядомыя асобы, як Жан Жылібэр, Францішак Нарвойш, Джузэпэ Сака і іншыя.

У пачатку XIX стагодзьдзя дом становіцца ўласнасьцю розных дабрачынных арганізацыяў. Аднак там працягваліся паседжаньні «вольных муляраў» з удзелам гродзенскага губэрнатара і масона Міхала Бутаўт-Анджэйкавіча, Казіміра Крэйбіха, магнатаў Ляхніцкіх і іншых.

Дом масонаў, Менск, Беларусь

Існуе паданьне, што гэты будынак першапачаткова належаў менскай масонскай ложы «Паўночная Паходня». Вядома, што зяць уладальніка будынку Траяна Ключынскага быў чальцом гэтай ложы.

Асобныя аўтары сьцьвярджалі, што на некаторых плянах гораду першай паловы XIX стагодзьдзя гэтая камяніца Ключынскага нагадвае крыж. Акрамя таго, сьцьвярджалася, што першапачаткова будынак будаваўся бяз вокнаў, а на іх месцы была зробленая зашклёная імітацыя.

Таму магчыма, хоць дакладных пацьверджаньняў гэтаму і няма, дзейнасьць ложы «Паўночная Паходня» ў Менску часткова зьвязана з Домам масонаў у Музычным завулку ў Верхнім горадзе.

©